
З 30 студзеня па 15 сакавіка ў Ашмянскім краязнаўчым музеі імя Ф.К. Багушэвіча адбылося адкрыццё выставачнага праекта «У пошуках згубленага часам», на выставе прадстаўлена амаль 600 артэфактаў -матэрыялаў раскопак Гальшанскага археалагічнага комплексу. Прадстаўленыя экспанаты дазваляюць усебакова пазнаёміцца з гісторыяй Гальшан і ваколіц ад V да ХІХ стагоддзяў.
Вынікі вывучэння Гальшанскага комплексу сапраўды здзіўляюць: тут знойдзены і стрэлы гунаў V стагоддзя, рэчы, якія адносяцца да культуры ўсходнелітоўскіх курганоў, шкляныя бранзалеты і паясныя накладкі Х — XI стагоддзяў, мангольскія стрэлы сярэдзіны XIII стагоддзя, рэшткі візантыйскай амфары і інш. Завяршае ж экспазіцыю раздзел, прысвечаны вайне 1812 года: пулі, накладкі на ківер, гузікі французскай і рускай армій, шрапнэль сведчаць аб баях у ваколіцах Гальшан.
Ужо амаль 20 гадоў у раскопках удзельнічаюць вучні Гальшанскай сярэдняй школы, пры якой адкрыты гісторыка-археалагічны летнік «Кентаўры».
Выстава працуе: Аўторак — нядзеля: з 10.00 да 19.00
