У Ашмянскім краязнаўчым музеі распачала сваю работу выстава “Лён любіць паклон”. Яна знаёміць наведвальнікаў з важнейшым заняткам нашых продкаў – апрацоўкай ільну. Менавіта да гэтай сельскагаспадарчай расліны беларусы спрадвеку ставіліся з вялікай павагай. З валакна ткалі палатно і шылі вопратку, рабілі прадметы побыту, кастрыцу выкарыстоўвалі як уцяпляльнік і паліва, з ільнянога семя выціскалі алей, які ўжывалі ў ежу. Карысны і рознапланавы прадукт уваходзіў таксама ў склад фарбаў, аліфы і лекавых прэпаратаў.
На адкрыццё выставы супрацоўнікі музея запрасілі загадчыцу Ашмянскага раённага цэнтра рамёстваў і традыцыйнай культуры Валянціну Свірскую, а таксама вучняў СШ №2, якіх чакала ў сценах скарбніцы гісторыі рэгіёна шмат цікавостак.

Разам з дырэктарам музея Настассяй Навіцкай юныя краязнаўцы прайшлі тым шляхам, які праходзіць лён ад дробнага насення да прадмету вопраткі. Дзеці адгадвалі загадкі, якія прапаноўвала Настасся Васільеўна, слухалі цікавы аповед аб тым, як сяляне сеялі, даглядалі, а пасля ірвалі лён. Пры апрацоўцы ільну выкарыстоўваліся розныя прылады працы: церніцу, трапала, грабяні. Усе яны былі прадстаўлены на выставе разам з прасніцай, калаўротам, матавілам і верацяном. Гэтыя экспанаты трапілі ў музей ад жыхароў Ашмяншчыны і зараз захоўваюцца ў яго фондах. Праз гульню “Знайдзі мяне” вучні замацавалі свае веды аб прыладах працы нашых продкаў, а таксама даведаліся пра паходжанне назвы месяца кастрычнік. Рухомая гульня “Хто хутчэй?” дала ўяўленне аб тым, наколькі складаным быў шлях ільну да таго, як стаць прадметам адзення альбо хатняга ўжытку.

Аб тым, як ільняныя ніткі становяцца палатном, распавяла дзецям Валянціна Свірская. Майстар-клас па ткацтве на сапраўдным ткацкім станку прыйшоўся ўсім даспадобы. Дзеці навыперадкі імкнуліся сесці за кросны і зрабіць чароўны сцяжок.
Настасся Навіцкая расказала, як тканае палатно ў руках спрытных гаспадынь ператваралася ў кашулі, посцілкі, ручнікі, капы, абрусы. Увесь гэты скарб захоўваўся ў куфры, якому пасля на змену прыйшлі шафы. У куфры складваўся звычайна і пасаг – так дзяўчаты рыхтаваліся да замужжа. Гэты таямнічы прадмет часта сустракаўся ў народных казках і служыў сховішчам для грошай.
Пра кожную рэч, што знаходзілася ў чароўным куфры музея, Настасся Навіцкая распавяла цэлую гісторыю. А закончылася дзіўнае падарожжа яшчэ адной гульнёй-заданем: вучням неабходна было прадоўжыць прыказкі і прымаўкі, аб’яднаныя тэмай працы.
З заданнем вучні справіліся паспяхова, атрымаўшы ў выніку новыя веды па гісторыі нашага краю, а разам з тым і жаданне працягваць знаёмства з традыцыямі і абрадамі нашых продкаў.
Аліна Санюк


